«НАРО́ДЫ МО́РА»,

умоўная назва плямён ці народаў, якія першапачаткова жылі, верагодна, на Балканскім п-ве ці ў М. Азіі; упамінаюцца ў егіпецкіх крыніцах 13—12 ст. да н.э. сярод тых народаў, што нападалі на Егіпет з мора (часам у саюзе з лівійцамі), а пазней праз Сірыю, Фінікію, Палесціну. «Н.м.» прыпісвалася знішчэнне Хецкага царства і інш. дзяржаў. З асобных «Н.м.», што захаваліся толькі ў запісах егіпецкім пісьмом (з адных зычных), атаясамлены толькі некаторыя (лікійцы, філістымляне, магчыма, данайцы — ахейцы). Лічаць, што Траянская вайна была часткова звязана з перамяшчэннямі «Н.м.».

т. 11, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)